МЗС Польшчы: У адказ на рэпрэсіі могуць быць уведзеныя санкцыі
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Крэмер правёў учора
брыфінг, падчас якога распавёў аб выніках абмеркавання ў МЗС сітуацыі з
Саюзам палякаў Беларусі.
Намеснік міністра
замежных спраў заявіў, што Польшча выказвае глыбокую занепакоенасць
пагаршэннем сітуацыі з Саюзам палякаў Беларусі. Анджэй Крэмер нагадаў,
што падчас перамоваў з беларускім міністрам замежных спраў кіраўнік МЗС
Польшчы Радаслаў Сікорскі ясна паказаў дзве магчымасці развіцця адносін Польшчы і Еўразвяза з Беларуссю: працяг развіцця кантактаў альбо іх «замарозка».
Паводле
словаў намесніка міністра, Польшча зацікаўлена ў захаванні пакрокавага
развіцця партнёрства з Беларуссю, але пры поўнай павазе дэмакратычных
прынцыпаў, а таксама пры выкананні Беларуссю патрабаванняў вылучаных
ЕЗ, у тым ліку забеспячэння свабоды дзейнасці апазіцыйных партый і
няўрадавых арганізацый, змяненні закона аб СМІ, выбарчага заканадаўства
і г. д.
Міністэрства замежных спраў Польшчы
лічыць, што сённяшнія рэпрэсіі супраць актывістаў Саюза палякаў
Беларусі - гэта працяг незаконных дзеянняў беларускіх уладаў, якія
пачаліся на мінулым тыдні. МЗС чакае, што беларускія ўлады неадкладна
спыняць падобныя дзеянні. Анджэй Крэмер нагадаў, што раней у кантактах
з беларускімі афіцыйнымі асобамі абмяркоўвалася пытанне поўнага
ўрэгулявання праблемы польскай меншасці і арганізацыі, якая прадстаўляе
яго інтарэсы.
Пры гэтым Міністэрства замежных
спраў Польшчы лічыць, што казаць пра тое, што яго палітыка ў адносінах
да Беларусі пацярпела фіяска, заўчасна.
Міністэрства
замежных спраў Польшчы праінфармавала органы Еўрапейскага Звяза і АБСЕ
аб сітуацыі вакол польскай меншасці ў Беларусі. Міністр Сікорскі ўнёс
прапанову аб уключэнні беларускага пытання ў парадак дня сустрэчы
міністраў замежных спраў ЕЗ на наступным тыдні, каб выпрацаваць
агульную пазіцыю міністраў у адносінах да Беларусі.
Намеснік
міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Крэмер падкрэсліў, што, калі
беларускае кіраўніцтва не спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да польскай
меншасці, гэта прывядзе да самаізаляцыі Беларусі. Ён таксама заявіў,
што Польшча не выдасць уязных віз асобам, адказным за рэпрэсіі супраць
Саюзу палякаў Беларусі, якім кіруе Анжаліка Борыс, у тым ліку членам так званага праўладнага Саюза палякаў.
Тым часам кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Станіслаў Стасяк
падкрэсліў, што праблема рэпрэсій супраць польскай меншасці ў Беларусі
настолькі важна, што прэзідэнт лічыць неабходным сустрэчу з міністрам
замежных спраў. Лех Качыньскі мае намер даведацца, якія крокі
Польшча распачала ў сувязі з дзеяннямі беларускіх уладаў. «Прэзідэнт
Польшчы лічыць, што неабходна зрабіць рашучыя, і, перш за ўсё,
эфектыўныя крокі, каб абараніць палякаў у Беларусі», - заявіў Станіслаў
Стасяк.
Міністр канцылярыі прэзідэнта Польшчы Павал Выпых
у каментарах для тэлебачання TVN24 сказаў, што прэзідэнт Качыньскі
занепакоены рэпрэсіямі, якія ўзмацняюцца, у дачыненні да польскай
меншасці і, што палітыка саступак не прынесла чаканых вынікаў. Па яго
словах, у гэтай сітуацыі неабходны зразумелы сігнал для Беларусі з боку
Еўрапейскага Звяза.
«Міністр Сікорскі абяцаў,
што ў яго з беларускім міністрам адбудзецца сур'ёзная мужчынская
размова, але здаецца, што беларускі бок ўвогуле не ўсвядоміў, што такая
размова адбылася», - лічыць прадстаўнік прэзідэнта Польшчы. паводле www.charter97.org |