Прэзідэнт Польшчы Качыньскі па-мужчынску пагаворыць з Сікорскім
Інфармацыя аб затрыманні актывістаў Саюза палякаў Беларусі ад самай раніцы абмяркоўваецца ва ўрадзе і СМІ Польшчы.
Дзеянні
беларускай міліцыі называюцца «вайной з беларускімі палякамі» і
«сапраўднай аблавай». У МЗС Польшчы сёння праходзіць спецыяльна
скліканая нарада з удзелам міністра Радаслава Сікорскага, прысвечаная абмеркаванню гэтай праблемы.
Паводле словаў Mарэка Будзько,
сакратара праўлення фонду «Свабода і дэмакратыя», у Еўрапейскага Звяза
ёсць толькі два механізмы ўздзеяння на Беларусь: эканамічныя і
«выязныя» санкцыі. У якасці эканамічных санкцый, лічыць Будзько,
найбольш эфектыўным было б увядзенне эканамічнага эмбарга, паколькі 50%
экспарту Беларусі ідзе ў ЕЗ. Акрамя гэтага, Еўрапейскі Звяз мусіць
пашырыць колькасць неўяздных беларускіх чыноўнікаў. На думку былога
польскага дыпламата, які быў у свой час высланы з Беларусі, Еўропа
глядзіць крыху наіўна на Лукашэнку, лічачы, што гэта прэзідэнт, які
можа трымаць слова.
Былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павал Коваль,
цяпер дэпутат польскага парламента ад апазіцыйнай партыі «Права і
Справядлівасць» падкрэслівае, што польская палітыка «больш мяккага
падыходу» ў адносінах з беларускім кіраўніцтвам пацярпела фіяска.
Беларускі рэжым расцаніў гэта не як жэст добрай волі, а як праяву
слабасці.
Лукашэнка альбо не кантралюе
сітуацыю ў сваёй краіне і міліцыя тут робіць, што хоча (а ў гэтым
выпадку надзея, што такая палітыка прынясе эфекты, гэта ілюзія), альбо
ён - нелаяльны партнёр. Павал Коваль таксама лічыць, што патрэбны
санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Называць санкцыямі забарону для ўезду
ў ЕЗ усяго некалькіх дзесяткаў беларускіх чыноўнікаў - гэта
перабольшанне, кажа польскі палітык.
Партыя
«Права і Справядлівасць» збіраецца зрабіць адмысловую заяву ў сувязі з
масавымі затрыманнямі беларускіх палякаў. У сваю чаргу, Саюз
дэмакратычных левых сіл прапанаваў склікаць паседжанне парламенцкай
камісіі па замежных справах і выклікаць на яе міністра Радаслава
Сікорскага. Польскія парламентарыі не выключаюць, што звернуцца ў Раду
Еўропы.
На 16.00 прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі
запрасіў міністра замежных спраў у Прэзідэнцкі палац, каб абмеркаваць
сітуацыю, звязаную з затрыманнем прадстаўнікоў польскай меншасці ў
Беларусі. паводле www.charter97.org
|